
Паляся (Гродненская вобласць)
Добры дзень! А мяне завуць Паляся. Жыву я на Гродненшчыне, у вёсцы Горка, Дзятлаўскага раёна. У нашых мясцінах можна знайсці вялікае мноства камянёў, з якімі звязаны прыгожыя легенды. Але ж, мабыць, самая прыгожая пра камяні, каля якіх я жыву.
З гэтых камянёў утварылася арка, якую людзі называюць каменнымі варотамі ці паклоннымі камянямі. Сцвярджаюць, што калі прапаўзці пад аркай, пазбавішся ад любой хваробы. Мясцовыя жыхары кажуць, што раней дарослыя маглі прайсці пад гэтымі варотамі ва ўвесь рост. Але з таго часу як адзін пан, жадаючы вылечыць сляпога сабаку, правёў яго пад камянямі і тым самым парушыў правіла не дапускаць сюды жывёлу, камяні сталі асядаць і ўваходзіць у зямлю.
Запрашаю цябе да сябе ў госці. Ведаеш, можна верыць гэтай легендзе, можна не верыць, але я цвёрда ўпэўнена, што табе цікава будзе пабачыць гэты цуд.
Маё пытанне да цябе: куды з цягам часу сталі асядаць паклонныя камяні? У (… … … ЛЮ)



