
Балотнік (Брэсцкая вобласць)

Прывітанне, пачынаючы вандроўнік! Давай знаёміцца! Я Балотнік. Мой родны дом – балоты Палесся на Брэстчыне. Я люблю свае родныя мясціны, бо балоты – гэта вельмі загадкавыя і таямнічыя куточкі. У адных яны выклікаюць жах і хваляванне, у другіх – інтарэс і натхненне.
Гісторыя майго балота гучыць так. Жыла-была маці-чарадзейка з сынам, які і патануў у возеры, якое было на гэтым месцы. Маці засмуцілася і закляла тое месца: зрабілася возера балотам. А раней па таму возеру плавалі караблі. Таму зараз месцамі тут трапляюцца мачты, аскабалкі караблёў, а дрыгва такая, што ідзеш, а зямля супраць цябе ўздымаецца.
Пракляла чараўніца возера і завязала ў балота такім вузлом: няхай знойдзецца дзяціна сямі год, праедзе па балоту на кабыле трох год і адшукае тое месца, дзе патануў сын. На месцы тым жыве яшчарка, а вакол таго месца выраслі тры кусты чароту. Трэба іх таму дзяціне вырваць і, не азіраючыся, увезці прэч. Зробіцца тады балота зноў возерам.
Але ж, як ты разумееш, гэта немагчыма. І існаваць мой дом будзе доўга-доўга.
У мяне да цябе пытанне: хто жыве на тым месцы, дзе патануў сын чарадзейкі? (… … … … … РКА)


